27/11/2012

Высокая трава


Мы прывыклі да высокіх дрэў. Мы ведаем, што дастаткова падняцца на другі ці трэці паверх – і можна глядзець на іх зверху ўніз. Іншая справа – лес, асабліва незнаёмы, але мы далёка не заходзім. Тым больш – трава. Дакладней, настолькі яна нізкая і нявартая ўвагі, што патрабуюцца ад яе 2 рэчы: каб была прыемна-зялёнай і мяккай альбо роўна скошанай. І каб без жамяры там рознай, калі нам захочацца, раскінуўшы рукі, на ёй паляжаць.

А вось калі ўзяць ды зраўняцца з зямлёй, вялікімі робяцца не толькі дрэвы, высокай становіцца трава. Аказваецца, што гэта над ёй раскінуўся блакіт нябёсаў, а сонца кожны вечар блытаецца ў яе гушчыні, перш чым схавацца за небасхілам. І палічаная ў Створцы кожная травінка, напоеная дажджом, сагрэтая сонечным святлом, расце і прамінае ў сваёй лагоднай прыгажосці.

22/11/2012

Паміж лістападам і снегам

паміж лістападам і снегам
мы цяжка расплюшчваем вочы,
глытаем туман вечарамі,
а раніцай сонца шукаем

паміж лістападам і снегам
дні прамінаюць як версты
на шляху аднастайным і доўгім
падчас падарожжа без мэты

паміж лістападам і снегам
хаваемся ў думкі, у рытмы,
у музыку, каву, малітву,
сябрам зазіраем у вочы

паміж лістапам і снегам
як цуду чакаем калядаў...

15/11/2012

Што забяру я з сабою

Напэўна вам даводзілася сустракаць пытанне: якую кнігу або рэч вы ўзялі б з сабой на бязлюдную выспу? Многія ўзялі б Біблію, але варыянтаў адказаў увогуле вельмі шмат.

Прапаную крыху перайначыць сітуацыю. Ніхто не выганяе нас на выспу, але наадварот: мы атрымалі запрашэнне на вялікі карабель, які адплывае да Валадара Сусвету на святочны пір. Можна тое-сёе ўзяць з сабой, каб паказаць Яму, чым бавіш час зямлі, што створана тваімі рукамі, што ты цэніш і любіш. І даецца на роздум і падрыхтоўку ...12 месяцаў, напрыклад. Потым паклічуць на карабель ужо праз 10, але гэта неістотна. Згадзіцеся, што й так часу дастаткова, каб падумаць, выбраць, стварыць нешта добрае, нарэшце, ці прыдбаць.

Што забраць з сабой? Чым можна ўразіць свайго Створцу? Як згадаць, што Яго ўсцешыць?.. На якіх вагах узважыць сваё дабро, калі дробязь можа аказацца адзіным Учынкам, а гонар жыцця – нікчэмнасцю? Тады трэба было б браць з сабой усё, але як?

Прыгожыя светлыя згадкі... Зусім па-іншаму глядзіш на рэчы і каштоўнасці, якія сабраліся вакол цябе за пражыты час.

09/11/2012

Касцёл дзяцінства

Як і ўсё, сярод чаго мы расцём, касцёл святых Космы і Даміяна ў Астраўцы нібыта быў заўсёды – вялікі, нязменны. Але была ў яго свая гісторыя і будучыня, якая нешта захавае, а штосьці забярэ з сабой. "Пабудаваў у 1787 годзе ксёндз Гілярый Цішэўскі мураваны касцёл і кляштар для дамініканаў" (са “Слоўніка геаграфічнага Каралеўства Польскага і іншых Краін Славянскіх”)


Колер сцен з колішняга белага пасля нядаўняга аднаўлення набраў розных адценняў, дрэвы, пасаджаныя абапал касцельнага муру, зніклі, а замест сцежак з'явіліся шырокія і простыя ходнікі. Ужо не прыцемкі ўвечары, але яркае святло ліхтароў на белых пастаментах.

Сонца і зеляніна вакол касцёла глядзелася б больш прывабна, чым пачатак лістапада. Напрыклад, верасень 2007 года...



Але зараз, не шукаючы красы, але згадваючы мінулае – запрашаю... 

07/11/2012

Самавызначэнне :)

Калі ты ўваходзіш праз замкнёныя дзверы без ключа, можа ты – кот?


31/10/2012

Сцежкі для босых ног

Малюся каб яго не абвясцілі святым
не малявалі
не тыкалі пальцам
не засмечвалі біяграфіяй абавязковай і непатрэбнай

без фатаграфіі настолькі дакладнай што ажно несапраўднай
без рэкламы смерці
без веры адпаліраванага шкельца
каб быў сцежкаю непрыкметнай як жыццё
нахіленаю як калоссе
па якой прабег Езус
нясмелы і босы

Ян Твардоўскі "Сцежка"

Каб дзіцяці прабегчы па сцежцы, яна павінна быць бяспечнай, надзейнай, і не толькі з выгляду, але насамрэч. Спраставанай, не тое, што брукаваныя шляхі, на якіх можна не толькі да крыві збіць босыя ногі, але й змарнаваць час, бо шырокія дарогі часта даюць кругаля замест таго, каб прывесці чалавека ў патрэбнае месца, як мага зручней.

Сцежкі заўсёды ціхія, прыхаваныя ад людзкіх натоўпаў. Не абяцаюць камфорнага праезду на аўтамабілі, але дапамогуць убачыць нязведанныя мясціны. Не губляюцца ў гушчары, але выводзяць з яго. Не знікаюць з зямлі, нават тады, калі робяцца нябачнымі.

Мне давялося сустракаць такіх людзей у дзяцінстве, і зараз таксама. Іх жыццё падобна на такія сцежкі. Вострыя свае камяні яны пакаяннем і малітвай рассыпалі ў мяккі пыл. Яны ўмелі дзень за днём рабіць вялізарную працу, адкрываць вочы на важныя рэчы, быць незаменнымі і заставацца непрыкметнымі. Прамытыя дажджом (салёным такім, ведаеце, яго яшчэ называюць слязьмі), прагрэтыя сонцам любові, адкрытыя нясмеламу і босаму Богу.

Езус ідзе басанож, а мы? Так і пхнёмся ў ботах.

29. I босыя ногі Хрыста пакідалі на цёплым, мяккім пылу дарогі сляды...
радок з "Апокрыфа" Максіма Багдановіча

Колькі іх, невядомых простых сцяжынак?
Усе святыя Божыя, маліцеся за нас...

27/10/2012

Бігас, добрае чырвонае віно і згушчанае малако. Пры чым тут антонаўка?

Антонаўку я проста вельмі люблю. Паважаю здольнасць гэтых яблыкаў рабіцца з часам толькі смачнейшымі і ўсёткі заставацца кіслымі, так што многа не з'ясі. Яны патрабуюць адвагі і шмат цукру, калі спрабуеш нешта з іх прыгатаваць, запячы, напрыклад. І нават згушчанага малака – у варэнні.

І менавіта яны, антонаўскія яблыкі, найлепш надаюцца для бігаса, прыгатаванне якога само па сабе – цэлая паэма. З дзесятак год таму мая хросная мама падаравала незвычайную кнігу пад назвай "В старопольской кухне и за польским столом". Аўтары – Марыя Лімніс і Гэнрык Вітры – зрабілі сапраўдны гістарычны экскурс з легендамі і паданнямі, з апісаннем трыдыцый каралеўскіх сталоў,  правіл гасціннасці і старадаўніх звычаяў. Цяпер яна лічыцца букіністычнай, але знайшлася спасылка для спампавання.

Я не адразу ацаніла гэты падарунак. Не дзіва: выглядае кніга вельмі сціпла, рэцэпты доўгія і дзіўныя... І толькі "Пан Тадэвуш" Адама Міцкевіча з пахвальнымі словамі наконт бігаса і хлодніка літоўскага прыгадалі недачытаную кулінарна-гістарычную кнігу.

23/10/2012

Я за тваімі дзвярыма стаю

Пэўны час я думала, што Езусавы стук у чалавечае сэрца – гэта вельмі ўзнёслы і прыемны момант, паўната пачуццяў, добры настрой і любоў да ўсяго чалавецтва. Як нічога гэтага няма, значыць, гэта хвіліна яшчэ не настала. Можа, трэба папрасіць і яшчэ пачакаць. Вось толькі з цягам часу ўсё больш пачынаюць перашкаджаць розныя справы, панурыя думкі, надакучлівыя людзі, хуткія на гнеў і марудныя на ўдзячнасць... Можа, прысніўся мне той стук?

Сапраўды, добра, што з часам такія ілюзіі і прывіды развейваюцца. Бо часта "перашкоды" і ёсць гэтым стуканнем у дзверы, як правакацыйнае пытанне: "Цябе ўдарылі па правай шчацэ, не выключаны пералом сківіцы, боль, звон у вушах – твая рэакцыя? На адказ – 5 секунд!" Варыянты ведае кожны: адпомсціць, даць волю эмоцыям, зашыцца ў кут са сваім болем ці ...адчыніць сэрца Таму, хто навучыць падстаўляць левую шчаку? Навучыць маліцца, а не помсціць, рабіць нечакана добрае, разбіваць шаблоны, ратаваць, а не руйнаваць... 

19/10/2012

Лепш

Лепш запаліць свечку, чым праклінаць цемру.

Маці Тэрэса з Калькуты

Малітва да Маці Божай


Благаслаўлёная Багародзіца, Беззаганная Дзева, падтрымай мяне ў патрэбе. Прыйдзі на дапамогу і пакажы, што Ты – мая Маці. О, Святая Марыя, Маці Божая, Каралева неба і зямлі, я ўсім сэрцам пакорна прашу, ратуй мяне ў немачы маёй (выкажы просьбу). 
Ніхто і нішто не можа супрацьстаяць Тваёй уладзе. 
О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае! (3 разы). 
Святая Марыя, аддаю гэтую малітву ў Твае рукі! (3 разы). 
Духу Святы, які вырашаеш любыя праблемы, асвятляеш усе шляхі так, што я магу дайсці да мэты, Ты, які даў мне Божы дар прабачаць і забываць усё зло супраць мяне, – ва ўсіх падзеях майго жыцця Ты са мной. Дзякуй за Тваю Міласэрнасць да мяне і маю.

Маліся 3 дні запар. Апублікуй малітву. 
(Аб няўдачы невядома)


Арыгінал адсюль:

Prayer to the Blessed Virgin

(Never known to fail)

Blessed mother of the Son of God, immaculate Virgin assist me in my necessity. Help me & show me you are my mother. Oh, Holy Mary, Mother of God, Queen of Heaven and Earth, I humble beseech you, from the bottom of my heart to succor me in my necessity (make request). There are none that can withstand your power. Oh, Mary conceived without sin pray for us who have recourse to thee. (3 Times). Holy Mother, I place this prayer in your hands. (3 Times). Holy Spirit, you who solve all problems, light all roads so that I can obtain my goal, you who gave me the divine gift to forgive & forget all evil against me, in all instances in my life you are with me. Thank you for your Mercy toward me and mine.
Say this prayer 3 consecutive days. Publish it.