02/02/2024

Спатканне

Успамін з мінулага тыдня дагнаў мяне сёння, у свята Ахвяравання Пана, Стрэчання, Спаткання. Ёсць у Браславе такі прыцягальны пахам і смакам “Булкін дом”, паўз якога я хадзіла-хадзіла і ўрэшце зайшла за вось гэтым неймаверна смачным смятаннікам. Прыдумалі ж форму, як човен ) І сёння, задаючыся пытаннем: як Сімяон пазнаў у святыні Езуса на руках у Марыі, вяртаецца на памяць той прыцягальны пах хлеба, які не зблытаеш ні з чым. Як часта людзей прыцягвае штосьці ў святыню, у касцёл, царкву, хрысціянскую супольнасць – нейкая надзея на наталенне голаду, на адшуканне таго, чаго прагне душа… Зусім як водар хлеба, што абяцае штосьці добрае і істотнае для жыцця. І Сімяон скрозь доўгія гады імкнуўся ў святыню, а ў той дзень Спаткання ўбачыў, дакрануўся, узяў на рукі і ў сэрца самога Бога. Аднак, ці не адыходзяць людзі (мы, я) расчараванымі, бо Спаткання не адбываецца? Хіба Бог дае зманлівую надзею? Штосьці, пэўна, залежыць ад “наведвальніка”: колькі ён можа і хоча змясціць святла і ежы. Бо можна пакласці чалавека ля крыніцы, але не прымусіш піць. Аднак горш, калі тыя, хто ўжо знаходзіцца ў святыні, і самі не ідуць на Спатканне і робяцца перашкодамі для іншых… Заклік да рахунку сумлення? І так, і не, бо ўспамін пра той цудоўны смак з Бласлава хутчэй заклікае цаніць важнасць асабістай сустрэчы з Езусам, каб, спазнаўшы яе жыццядайнасць, пажадаць яе і для іншых. Не толькі ў святыні, але ўсё ж асабліва там.

30/10/2023

Мова радасці

 

Гімн «Магніфікат» хрысціяне з пакалення ў пакаленне спяваюць разам з Марыяй. Словы яго поўняцца зместам, які адкрываецца не адразу і не да канца, але ў радасці, якая пераліваецца ў радках, памыліцца немагчыма.

«Велічае душа мая Пана, і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцу» — гэтая радасная плынь, здольная падхапіць ледзь не кожнага за сабою, мае свой выток ва ўдзячным сузіранні таго, што «ўчыніў Усёмагутны». Марыя глядзіць у мінулае і ў той жа час думкамі ахоплівае ўсе пакаленні, дзівіцца Божым справам у сваім сэрцы і ва ўсім свеце, схіляецца перад Богам і захапляецца Яго моцаю і міласэрнасцю. Ці стала Марыя нам блізкаю настолькі, каб адчуваць Яе хваляванне? Мы просім Яе заступніцтва, клічам, тулімся, дзякуем, але ці імкнемся пазнаваць Яе лепш?

Евангеліст Лука адкрывае нам сцэну Звеставання, у якой Марыя прамаўляе ўсёю сваёю істотаю Богу «так». Але згаджацца з Божаю воляю Марыя павінна была навучыцца значна раней, а значыць, Яна адрознівала Божы голас сярод гаманы свету і невымоўных рухаў сэрца, хоць была юнаю, як кажа Традыцыя. Калі б і мы ўсур’ёз захацелі навучыцца слухаць і быць паслухмянымі Богу, то менавіта з радасці давялося б пачынаць. «Давялося б», бо не так лёгка даецца нам радасць. Паскардзіцца, зажурыцца, задумацца над сваёю доляю неяк само сабою атрымліваецца, а вось выбраць радасць і не ўцячы ў звыклае сутонне маркоты — справа не такая простая.

Так, Божая мова — мова радасці, у першую чаргу. Яна не заўсёды афарбаваная ў веся­лосць і лёгкасць, але нясе спакой, схаваны ў Божым запрашэнні, як прадчуванне, што споўніцца жаданне сэрца. Марыя пачула яго і прыняла: «Няхай мне станецца…»

Людзям уласціва нават хвілінную невядомасць адразу ж запаўняць трывогаю і страхам, а што ўжо казаць пра выбар, які паўплывае на ўсё жыццё! На першы погляд, большая радасць павінна мясціцца ў той прапанове, дзе больш бяспекі, адназначнасці, але насамрэч так ёсць нячаста. Дарэчна будзе скарыстацца сваім досведам прыняцця рашэнняў, азірнуцца на свае скрыжаванні і альтэрнатывы. Ці часта нам хапала смеласці выбраць тое, што было па сэрцы і потым прынесла трывалую глыбокую радасць і спакой? Добрыя рашэнні сапраўды часта звязаныя з пераадольваннем перашкодаў. Выбар Божай волі не заўсёды лягчэйшы, але і неабавязкова непрыемны. Часцей ён незразумелы, але ў нейкім таямнічым сэнсе — прыняты сэрцам. Чаму толькі грэх лічыцца прывабным? Няўжо прыгажосць, чысціня, дабро страцілі сваю прыцягальнасць?

На жыццёвыя раздарожжы лепш вяртацца думкамі разам з Маці Божай. Яна – заўсёды юная Сталіца Мудрасці — паказвае, як выбіраць не з прымусу (знешняга ці ўнутранага), не дзеля таго, каб дагадзіць, улагодзіць кагосьці, а слухаючы, што Бог дае як радасць для духу. Больш за тое, Марыя, шчаслівая ў сваёй вялікай веры ў тое, «што збудзецца, сказанае Панам», вучыць захоўваць вернасць той радаснай згодзе. Святы Базыль трапна заўважыў, што нават да найвялікшай на свеце радасці дамешваецца смутак...

Можна спытацца, ці відавочнаю была Яе радасць, калі Яна ўбачыла першую рэакцыю свайго Юзафа? Калі разгублена разважала словы Езуса-падлетка, вяртаючыся ў Назарэт пасля трохдзённых пошукаў? Калі не ведала, якім чуткам пра Езуса ўрэшце верыць? Калі выходзіла да Яго на Крыжовы шлях? Напэўна, не. Але ці прамяняла б Яна гэты шлях на любы іншы?

Яе крокі нячутныя, але ласкам і дабротам, выпрашаным у Бога, няма ліку і меры. Яна заўсёды выходзіць на шлях цярпення кожнага свайго дзіцяці, і гэта таксама выбар Яе сэрца. Благаслаўлёны выбар, які падабаецца Пану!

Спачатку апублікавана тут: https://ave-maria.by/faith/bible/2282-mova-radastsi

06/06/2023

Верш аб Найсвяцейшым Сэрцы Езуса

Пераклад верша а. Майка Марцінэза SJ "Найсвяцейшае Сэрца Езуса, дапамажы мне пражываць (а не проста чытаць) Святое Пісанне".

Немагчыма пераацаніць значэнне сэрца ў юдэа-хрысціянскіх пісаннях. Слова “сэрца” сустракаецца 858 разоў у Старым Запавеце і 156 разоў у Новым Запавеце. Без сумневу, нашыя сэрцы займаюць цэнтральнае месца ў таямніцы таго, хто мы ёсць. Яны месцяць у сабе шмат адказаў – і бясконца больш пытанняў.

Падчас маіх 30-дзённых ігнацыянскіх рэкалекцый у навіцыяце мяне захапіў адзін вобраз – Найсвяцейшае Сэрца Езуса. З Найсвяцейшым Сэрцам я заўсёды пачынаў і заканчваў усе мае разважанні. Калі я маліўся з дапамаогай сваёго ўяўлення, Хрыстус мог вырваць Сваё сэрца з грудзей і працягнуць яго мне. Тады я вымаў сваё сэрца і працягваў Яму. А мая малітва  была сузіраннем працэса павольнага зліцця нашых сэрцаў на працягу рэкалекцый. Да канца рэкалекцый я ўжо не мог адрозніць, якая частка сэрца належыць мне, а якая Богу. Хаця было страшна “страціць” сваё сэрца (Мц 10, 39), адначасна было радасна “здабыць” сэрца Хрыста! (Гал 2, 20)

Гэты верш адкрывае, як глыбока пашана Найсвяцейшага Сэрца ўкаранёная у Святым Пісанні, і агучвае жаданне нашых сэрцаў не проста чытаць, але жыць Святым Пісаннем.

20/11/2022

Скарга ў цемрадзі

Пс 88 (87), 2-14

Пане, Божа збаўлення майго, удзень і ўначы клікаў я перад Табою.
Няхай мая малітва дойдзе да Твайго аблічча, схілі вуха  сваё да крыку майго.

Бо душа мая насыцілася няшчасцямі, і жыццё маё наблізілася да адхлані.
Мяне залічваюць да тых, хто сыходзіць у магілу, я стаў быццам чалавек, пазбаўлены сілы.

Паміж мёртвымі я пакінуты, як забітыя, што спяць у магіле,
пра якіх Ты больш не ўспамінаеш, яны адкінутыя ад Тваёй рукі.

Ты паклаў мяне ў глыбокім доле, у змроку і ў бездані.
Спачыла на мне Твая лютасць, і ўсе хвалі Твае Ты спаслаў на мяне...

Штодня я клічу Цябе, Пане, да Цябе працягваю рукі мае.

Ці ж памерлым Ты учыніш цуды? Ці ж мёртвыя ўстануць і будуць славіць Цябе?

Ці ў магіле абвяшчаецца Твая міласэрнасць, і праўда Твая ў месцы згубы?
Хіба ў цемры пазнаюць Твае цуды, і ў краіне забыцця Тваю справядлівасць?

Але я клічу Цябе, Пане, і раніцай мая малітва Цябе сустракае.
Чаму адкідаеш, Пане, душу маю, хаваеш аблічча сваё ад мяне?..

Гэта ўрывак псальма, апошнім словам якога на розных мовах гучыць слова "цемра". А першым словам – "песня". Спяваная скарга, бярэма змрочных вобразаў, цэлы спіс абвінавачванняў у адрас Бога. Крычу днём і ноччу – а Ты ці чуеш? Жыццё ледзь тлее, туляюся на мяжы паміж гэтым і тым светам, Ты выпусціў мяне з рук, і я качуся глыбока-глыбока, у самы дол, які не мае дна, у бездань... Хіба адгэтуль Ты спадзяешся пачуць хаця б слова праслаўлення? Хіба здані побач са мной чакаюць Тваіх цудаў, міласэрнасці, праўды? Пакінуў, схаваўся, расцярушыў сяброў і знаёмых, каб нікога не было са мной побач. Клічу Цябе... А навокал цемра...

Хтосьці ў старадаўнія біблійныя часы мог спяваць аб гэтым. Цяпер часцей скрып, стогн, немы крык. Няма ні голасу, ні слоў, каб выказаць Богу хаця б штосьці з той цемры, аб якой спявае псальміст і якая так знаёмая ўсім пакаленням. 

21/06/2022

"У мілосці – святое маўчанне..."

...радок з верша Дануты Бычэль, напісанага ў ліпені мінулага году. Я вяртаюся ў думках час ад часу да яго духоўнай глыбіні, да сугучнасці ягонага зместу з тым, што адбываецца на ігнацыянскіх рэкалекцыях, з тым, што дасведчыла сама. У самым пачатку хацелася б адзначыць, што мае разважанні не носяць "рэкламнага характару", бо практыкавацца восем дзён у маўчанні і цішы не ўсім адпавядае і падыходзіць, кожнага чалавека Святы Дух вядзе па-свойму.

Чытаючы верш спадарыні Дануты, я з удзячнасцю кранаюся слоў і вобразаў, дзівячыся, што напісаны ён быў у той час, калі праходзілі рэкалекцыі ў Навагрудку летась, а сёлета чарговыя распачнуцца якраз пасля ўрачыстасці Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны.  

13/02/2022

Імёны Бога ў Старым Запавеце

Sieger Köder "Майсей"
          У біблійным свеце любое імя сутнасна спалучаецца з ідэнтычнасцю людзей і багоў. У тагачасным асяроддзі імя сведчыць аб існаванні, уладзе і моцы боства, таму вымаўленне імя з’яўляецца крыніцай благаслаўлення або няшчасця. Той, хто ведае імя чалавека ці боства, мае магчымасць уступіць у адносіны, можа звяртацца з просьбай і спадзявацца на яе спаўненне, а гэта, у сваю чаргу, дае пэўную ўладу над чалавекам ці богам. Спроба скарыстацца гэтай уладай праз магію зводзіць адносіны да маніпулятыўных спроб панаваць над іншым. Такія меркаванні непарыўна звязаныя з запаведдзю Дэкалога “Не ўжывай імя Пана Бога твайго дарэмна, бо Пан не пакіне без пакарання таго, хто ўжывае імя Ягонае дарэмна” (Зых 20,7). Такім чынам, увесь біблійны дыскурс адносна імёнаў Бога трэба ўспрымаць у кантэксце, па-першае, павагі да імя, увогуле ўласцівай народам Блізкага Усходу, і, па-другое, надзвычайнага значэння, якое мела для людзей веданне асабістага імя Бога.

14/11/2021

На прыкладзе галінак

Здзівілася сама, спыніўшыся на гэтым фрагменце Евангелля паводле Марка, бо звычайна ў тэксты, на мой пошляд, складаныя, не вельмі люблю заглыбляцца.

Езус сказаў сваім вучням: 

У тыя дні 

пасля таго ўціску 

зацьміцца сонца, 

і месяц не дасць святла свайго. 

І зоркі будуць падаць з неба, 

і сілы нябесныя пахіснуцца.

Тады ўбачаць Сына Чалавечага, які будзе ісці на аблоках з вялікай сілай і ў славе. Ён пашле тады Анёлаў сваіх і збярэ выбраных сваіх ад чатырох вятроў, ад краю зямлі да краю неба.

Вучыцеся на прыкладзе смакоўніцы: калі галінка яе становіцца ўжо мяккай і распускаецца лісце, ведаеце, што блізка лета. Так і вы, калі ўбачыце, што адбываецца гэта, ведайце, што блізка Ён, пры дзвярах.

Мк 13, 24–29

 

"У тыя дні пасля таго ўціску..." Знарок так было задумана ці не, але гэтыя радкі ўспрымаюцца як паэзія. І паміж іх гучыць штосьці большае, скіраванае кожнаму пакаленню і кожнаму слухачу асабіста. "Пасля ўціску" – не падчас, але як тое, што натуральным чынам наступае па шэрагу іншых падзей. Ператрываўшы ўціск, застаешся ў поўнай разгубленасці. Былыя заняткі не прыносяць "сонца", інтуіцыя змоўкла на пару з розумам, ніякі пробліск не асвятляе шлях, колішнія "зоркі" абрынуліся долу, згубіўшы свой аўтарытэт, і няма сіл рухацца далей. Бо сілы, якія насамрэч і былі "з вышыні", пахіснуліся, нібы нейкі выбух разнёс іх на кавалкі. 

20/09/2021

Узрастаючая няспыннасць

Валадарства Нябеснае падобнае на тое і на гэта, як у прыпавесцях тлумачыць Езус: вось, напрыклад, і як дрэва расце, і як хлеб заквашваецца. Прыгожыя вобразы, штосьці ў іх паэтычнае, жывое. Дрэва, якое ўвайшло ў сілу і прытуліла на галінах птушыныя гнёзды, цеста, гатовае да выпякання, абуджаюць нейкую радасць: адбылося штосьці добрае і слушнае.

Потым Езус параўноўвае Валадарства з людзьмі, што мяне здзіўляе па праўдзе. Нават  падзагаловак гэтым прыпавесцям дадзены з іншым акцэнтам: "Прыпавесць пра скарб і пярліну"
Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле.
Яшчэ Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе. (Мц 13, 44-46).

Я і разважала звычайна пра каштоўнасць знаходак і захапленне шукальнікаў ды пра тое, дзеля чаго яны ўсё прадаюць, што маюць... Пакуль не затрымалася над пытаннем: а навошта ўсё ж было купляць цэлае поле? Скарб жа, лічы, у руках. І паглядзеўшы на купца, у якога сапраўды ў руках спачывае тая самая пярліна, адчула, як ён з усмешкай адмоўна пахітаў галавой: не, ён не перастане шукаць, знайшоўшы адну незвычайную. Ён, які толькі што прадаў усё, што меў, які пачне цяпер усе свае гандлёвыя справы з нуля, адначасова не думае спыняцца ў дбайных пошуках новых пярлінаў. Езус не кажа, што няма яшчэ прыгажэйшых, яшчэ каштоўнейшых.

03/06/2021

Крышынкі тыя

Немагчыма ведаць, што адбываецца ў духу чалавека, калі ён становіцца ахвярай несправядлівасці, ахвярай у найбольш сціслым значэнні – ідзе на смерць. Да нас зрэдчас даходзяць апошнія словы, жэсты. Нам застаюцца здагадкі. Гэта адбываецца побач, цяпер, адначасова з тымі справамі і падзеямі, з якіх складаецца нашае ўласнае жыццё.

І ў сённяшняй урачыстасці Цела і Крыві Хрыста паўстае той самы вечар, той парог, на якім Езус, ведаючы, што Яго чакае страшная смерць, раздае Сябе як крышынкі хлеба, дзеліць на глыткі віна паміж тымі, хто застаўся пры Ім. Евангелісты захавалі для нас месца, словы, звароты, нават пачуцці, якія тады праявіліся. "Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх", – сказаў Ён. Ад пачатку – любоў, затым сяброўства, жыццё, якое аддаецца за кагосьці, да не так, што за таго, хто годны такой ахвяры, але за названага сябрам. Хіба той, хто кладзе сваё жыццё, не свабодны называць сваімі сябрамі ўсіх, каго захоча? Якая вялікая таямніца ў гэтым Хрыстовым жаданні ўзняць кожнага, наблізіць, напоўніць... І, здаецца, яно абрынаецца разам з Яго смерцю ў нябыт, у немагчымасць, дарэмнасць, а тыя "сябры" з Апошняй вячэры адчуюць гэтае двукоссе і гэтую пустку так востра. А колькі тых, якія ўвогуле жывуць, як жылі, нават не ведаючы, што за іх заплачана так дорага. 

Свята "Божае Цела" са сваімі алтарыкамі, пялёсткамі, ідэямі для ўпрыгожвання, прагай выйсці за касцёльныя муры, на першы погляд, дэманструе не заўсёды зразумелы трыумф, нейкае жаданне "кінуцца ў вочы", аднак, сутнасць усё ж у іншым: ва ўшанаванні той любові, якую меў (і мае) Езус да людзей; ва ўдзячнасці за Яго ахвяру, за Яго жаданне прыйсці ў целе і крыві не на імгненне ў гісторыі, але застацца да сканчэння веку; ва ўзаемнасці, якой Ён так чакаў і чакае; ва ўпэўненасці, што Ён разумее тых, хто ідзе Яго шляхам.

07/04/2021

І Ён увайшоў, каб застацца з імі


А Ён сказаў ім: «Пра што гэта вы размаўляеце паміж сабою?» І яны спыніліся, поўныя смутку. Адказваючы, адзін з іх, па імені Кляоп, сказаў Яму: «Ты, адзін з тых, хто прыйшоў у Ерузалем, і не ведаеш, што там сталася ў гэтыя дні?» Ён спытаў іх: «Што?» Фрагмент з Лк 24, 13-35

Выходзячы ў малітву, нібы ў дарогу з шумнага Ерузалема, які віруе ад навінаў, меркаванняў, супярэчнасцяў, ідзеш у цішыню і знешнюю нерухомасць. Унутры не замірае плынь унутранай размовы аб тым, што сталася, што будзе, што рабіць... Але побач нехта пытаецца аб відавочным – дык і што там было?